10.02.01 – белорусский язык

специальность
Приказ Высшей аттестационной комиссии Республики Беларусь от 3 марта 2009 г. № 45
 

І. Галіна навукі, па якой прысуджаюцца вучоныя ступені

Філалагічныя навукі

ІІ. Формула спецыяльнасці

«Беларуская мова» – навуковая спецыяльнасць, прадметам даследавання якой з’яўляюцца праблемы развіцця сістэмы беларускай мовы на працягу яе гістарычнага існавання і асаблівасці яе функцыянавання ў сучасным соцыуме.

Спецыфіка спецыяльнасці заключаецца ў тым, што ў яе межах палажэнні агульнай лінгвістычнай тэорыі выкарыстоўваюцца ў дачыненні да канкрэтнага матэрыялу беларускай мовы. Даследаванні па названай спецыяльнасці могуць выконвацца ў межах канкрэтных моўных дысцыплін: графікі і арфаграфіі, фанетыкі і фаналогіі, лексікі і семасіялогіі, фразеалогіі, марфемікі і словаўтварэння, марфалогіі і сінтаксіса, стылістыкі і лінгвістыкі тэксту.

Аб'ектам даследавання спецыяльнасці з'яўляецца сістэма беларускай мовы на сучасным этапе яе функцыянавання і ў гістарычным развіцці. Прадмет даследавання – стан і ўзаемадзеянне адзінак беларускай мовы на розных узроўнях яе сістэмы.

Сацыяльна-культурнае значэнне вырашэння праблем спецыяльнасці абумоўлена роляй беларускай мовы ў сістэме духоўных каштоўнасцей сучаснага беларускага грамадства і заключаецца ў стварэнні цэласнай канцэпцыі развіцця і функцыянавання беларускай мовы як мовы тытульнай нацыі краіны ў сучасных сацыяльна-культурных умовах, што, безумоўна, будзе садзейнічаць удасканаленню сістэмы моўнай адукацыі і выхавання чалавека сучаснага грамадства, павышэнню нацыянальнай самасвядомасці ў шматмоўным і шматкультурным свеце.

III. Галіны даследаванняў

  1. Развіццё навукі аб беларускай мове і гісторыя вывучэння беларускай мовы.
  2. Беларуская мова як нацыянальная мова беларускага народа і дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь. Сучасны стан сістэмы беларускай мовы, асноўныя тэндэнцыі і напрамкі развіцця слоўнікавага складу мовы. Асаблівасці развіцця сістэмы беларускай мовы ў ХХ стагоддзі. Сучасныя тэндэнцыі развіцця слоўнікавага складу беларускай літаратурнай мовы.
  3. Дыяхранічныя і тыпалагічныя праблемы станаўлення, развіцця і функцыянавання беларускай мовы. Беларуская мова ва ўзаемасувязях  з іншымі славянскімі мовамі.
  4. Шляхі і праблемы развіцця беларускай літаратурнай мовы. Перыядызацыя гісторыі беларускай мовы і этапы яе развіцця. Старабеларуская мова. Мова помнікаў беларускага пісьменства. Беларуская мова ХІХ ст. Развіццё беларускай мовы на пачатку ХХ ст.
  5. Праблемы беларускай дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі. Дыялектны падзел беларускай мовы. Дыялектныя асаблівасці ў галіне лексікі, фанетыкі, словаўтварэння, марфалогіі і сінтаксісу. Арэальныя даследаванні.
  6. Даследаванні па сучаснай і гістарычнай фанетыцы, фаналогіі, графіцы, арфаграфіі, лексіцы, фразеалогіі, лексікаграфіі, граматыцы і словаўтварэнню сучаснай беларускай мовы.
  7. Беларуская анамастыка. Спецыфіка анамастычнай семантыкі. Тыпалогія ўласных імён. Функцыянаванне ўласных імён у тэксце. Прыкладная анамастыка.
  8. Праблемы норм беларускай літаратурнай мовы ў гістарычным развіцці і на сучасным этапе. Праблемы культуры пісьмовай мовы і вуснага маўлення. Асаблівасці мовы радыё, тэлебачання і іншых сродкаў масавай інфармацыі. Праблемы дынамікі сучаснай літаратурнай нормы.
  9. Даследаванне функцыянальных стыляў беларускай мовы. Стылістычны падзел беларускай мовы. Рознаўзроўневыя сродкі стылістычнай дыферэнцыяцыі беларускай мовы. Праблемы развіцця і функцыянавання беларускай навуковай тэрміналогіі.
  10. Беларуская мова ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя. Сацыялінгвістычныя праблемы беларуска-рускага двухмоўя.
  11. Мова мастацкай літаратуры. Праблемы ідыястылю пісьменніка. Двухмоўе і міжмоўнае ўзаемадзеянне ў творах мастацкай літаратуры. Лінгвістыка тэксту.
  12. Этымалагічныя даследаванні.
  13. Сучасныя напрамкі лінгвістыкі. Корпусная лінгвістыка.  Кагнітыўная лінгвістыка. Камунікатыўная лінгвістыка.

ІV. Шыфры сумежных спецыяльнасцей

  • 10.02.02 – руская мова;
  • 10.02.03 – славянскія мовы;
  • 10.02.04 – германскія мовы;
  • 10.02.05 – раманскія мовы;
  • 10.02.15 – балтыйскія мовы;
  • 10.02.19 – тэорыя мовы;
  • 10.02.20 – параўнальна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае мовазнаўства;
  • 10.02.21 – прыкладная і матэматычная лінгвістыка;
  • 13.00.02 – тэорыя і методыка навучання (руская мова, беларуская мова).

V. Размежаванне з сумежнымі спецыяльнасцямі.

Непасрэдным прадметам даследаванняў у межах спецыяльнасці 10.02.01 – “беларуская мова”  з'яўляецца менавіта нацыянальная беларуская мова ў яе гістарычным развіцці і на сучасным этапе існавання, а таксама канкрэтны матэрыял усіх узроўняў яе сістэмы.

Спецыяльнасць 10.02.01 – “беларуская мова” адрозніваецца ад спецыяльнасці 10.02.02 – “руская мова” тым, што прадметам даследаванняў апошняй з'яўляецца сістэма нацыянальнай рускай мовы на ўсіх узроўнях. У межах спецыяльнасці  10.02.03 –“славянскія мовы” вывучаюцца іншыя славянскія мовы (паўднёвыя, заходнія і ўкраінская). Прадметам спецыяльнасцей 10.02.04 - “германскія мовы”, 10.02.05 – “раманскія мовы”, 10.02.15 –“балтыйскія мовы” адпаведна з’яўляюцца моўныя факты гэтых груп моў, а таксама асаблівасці іх гістарычнага развіцця і ўзаемадзеяння з іншымі мовамі.

У межах спецыяльнасці 10.02.19 – “тэорыя мовы” могуць вывучацца факты беларускай мовы, аднак яны служаць толькі ілюстрацыйным матэрыялам для даследавання агульных асаблівасцей мовы чалавека як знакавай сістэмы і яе выкарыстання ў працэсе камунікацыі, сацыяльных аспектаў мовы, паралінгвістычных сродкаў камунікацыі, прыроды перадачы моўнымі сродкамі інфармацыі і яе ўспрымання. У працах па гэтай спецыяльнасці могуць выкарыстоўвацца факты розных моў, у тым ліку і штучных. Між тым, у працах, выкананых у межах спецыяльнасці 10.02.01 – “беларуская мова”, непасрэдна даследуюцца факты беларускай мовы, асаблівасці іх  сістэмнай арганізацыі, а таксама функцыянаванне ў грамадстве беларускай мовы як сродку зносін.

Спецыяльнасць 10.02.01 – “беларуская мова” адрозніваецца ад спецыяльнасці 10.02.20 – “параўнальна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае мовазнаўства” тым, што ў працах па гэтай спецыяльнасці абавязкова даследуюцца моўныя факты дзвюх і больш моў (магчыма, і беларускай таксама). Прадметам даследавання гэтай спецыяльнасці з'яўляюцца тыпалагічныя сувязі роднасных і няроднасных (у тым ліку і тыпалагічна далёкіх) моў. Між тым, у працах па спецыяльнасці 10.02.01 – “беларуская мова” матэрыял іншых моў можа выкарыстоўвацца толькі як фонавы.

Спецыяльнасць 10.02.01 – “беларуская мова” таксама адрозніваецца і ад такой сумежнай спецыяльнасці, як 10.02.21 –  “прыкладная і матэматычная лінгвістыка”. У межах апошняй працы могуць быць выкананы на матэрыяле беларускай мовы, аднак іх выкананне звязана з выкарыстаннем метадаў фармальнага лінгвістычнага аналізу, прымяненнем апарату матэматычнай логікі пры аналізе фактаў натуральнай мовы (у тым ліку і беларускай). Асноўныя напрамкі спецыяльнасці 10.02.21 – “прыкладная і матэматычная лінгвістыка” – гэта аўтаматычнае распазнаванне і сінтэз маўлення, аўтаматычныя метады апрацоўкі тэкставай інфармацыі, стварэнне аўтаматызаваных баз і сістэм інфармацыйнага пошуку, падрыхтоўка аўтаматычных слоўнікаў, распрацоўка метадаў і прыёмаў аўтаматычнага рэдагавання, анатавання, рэферыравання і перакладу.

Спецыяльнасць 10.02.01 – “беларуская мова” сутнасна адрозніваецца і ад спецыяльнасці 13.00.02 – “тэорыя і методыка навучання (руская мова, беларуская мова)”, у межах якой разглядаюцца выключна пытанні выкладання беларускай мовы на розных узроўнях адукацыі, што адносяцца да галіны “педагагічныя навукі”.

Дысертацыйныя працы, што выкананы на стыку спецыяльнасці 10.02.01 – “беларуская мова” і пералічаных сумежных спецыяльнасцей, могуць быць прадстаўлены да абароны па дзвюх спецыяльнасцях з абавязковым увядзеннем у склад савета па абароне спецыялістаў сумежнага профілю. Гэтыя працы могуць быць прадстаўлены да абароны і ў савеце па абароне сумежнага профілю з увядзеннем у склад гэтага савета ва ўстаноўленым парадку спецыялістаў па спецыяльнасці 10.02.01 – “беларуская мова”.